Чалавек, у якога хочацца вучыцца

Чалавек, у якога хочацца вучыцца

5 жніўня 2023 года ад імя прафсаюзнага камітэта і адміністрацыі Мар’інагорскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа прымаў шчырыя віншаванні са 100-гадовым юбілеем былы выкладчык, жыхар пасёлка Мар’іна, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Уладзіслаў Мікалаевіч Васільеў.

Уладзіслаў Мікалаевіч годна пражыў свой век, быў удзельнікам і сведкам шматлікіх падзей, якія карэнным чынам мянялі звыклы ўклад жыцця. Але пры гэтым ён заставаўся моцным чалавекам, які ўмее радавацца жыццю і філасофскі адносіцца да сюрпрызаў лёсу. Ён нарадзіўся ў Цюменскай вобласці. Юнаком сустрэў Вялікую Айчынную вайну, але з першых яе дзён імкнуўся трапіць на фронт. Калі трапіў у ваеннае пекла, то перажыў шмат чаго: быў у блакадным Ленінградзе; у адным з баёў быў двойчы паранены; служыў у разведвальнай роце, затрымліваў дыверсантаў; скончыў курсы шыфравальшчыкаў; знішчаў ворагаў; на вачах губляў таварышаў; атрымоўваў узнагароды. Пасля заканчэння вайны скончыў сельскагаспадарчы інстытут. Менавіта там пазнаёміўся з будучай жонкай Галінай Іванаўнай, з якой пражыў больш за 75 гадоў. Яны разам апынуліся ў Беларусі і працавалі ў Мар’інагорскім сельскагаспадарчым тэхнікуме выкладчыкамі. І кожны пражыты дзень быў напоўнены творчасцю, працай, любімай справай, захапленнем, думкамі пра будучае.

Пра розныя перыяды доўгага стваральнага жыцця можна пачуць з першых вуснаў у відэапрэзентацыі, падрыхтаванай кіраўніком народнага музея гісторыі ўстановы адукацыі Свірыдавай А.В., перайшоўшы па спасылцы  https://cloud.mail.ru/public/BUp2/PB2KeyRKo.

Віншуючы Уладзіслава Мікалаевіча са 100-гадовым юбілеем, мы яшчэ раз пераканаліся не толькі ў тым, што ён шмат чаму навучыў не адно пакаленне навучэнцаў і выкладчыкаў, а і ў тым, што мы сёння маем магчымасць вучыцца ў гэтага выдатнага Чалавека, якога можна смела называць Чалавекам з вялікай літары. Вучыцца працавітасці, адказнасці, добразычлівасці, няспыннасці, стойкасці, мужнасці, дабрыні, аптымізму, творчасці, уменню сябраваць і кахаць, радавацца поспехам тых, хто знаходзіцца побач з табой.