Пра што расказвае аўтограф
У мастацкай галерэі Пухавіцкага раённага краязнаўчага музея прайшлі мерапрыемствы, прыўрочаныя 130-годдзю з Дня нараджэння беларускага драматурга Васіля Савіча Гарбацэвіча. Былі запрошаны члены раённага Савета ветэранаў і навучэнцы Мар’інагорскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа. У якасці вядучых літаратурнай імпрэзы “Беларускія абрады ў творчасці беларускага драматурга Васіля Гарбацэвіча” выступілі навучэнцы другога курса Вікторыя Трушына і Мацвей Мядзведзеў.
Асоба Васіля Гарбацэвіча цікавіць навучэнцаў і працаўнікоў каледжа не толькі таму, што ён таленавіты драматург, пісьменнік-зямляк. Унікальным з’яўляецца той факт, што Васіль Савіч Гарбацэвіч у 1936/1937 навучальным годзе выкладаў у Мар’інагорскім сельскагаспадарчым тэхнікуме беларускую мову і літаратуру. Пра гэта вядома “з першых вуснаў” — у народным музеі гісторыі ўстановы адукацыі захоўваецца аўтограф пісьменніка, у якім ён успамінае кароткі, але плённы перыяд свайго настаўніцтва. З гонарам распавядае Васіль Савіч пра тое, як рыхтаваўся да заняткаў, нягледзячы на тое, што меў на той момант дваццацічатырохгадовы педагагічны стаж і дасканала ведаў свае прадметы. Ён заўсёды думаў пра тое, як не проста перадаць матэрыял, а як запаліць сваім агнём, сваімі эмоцыямі навучэнцаў. Вялікае задавальненне атрымліваў выкладчык, калі адчуваў, што ён і вучнёўская аўдыторыя станавілася адным цэлым. Настаўніцкі поспех быў відавочным – у той год на пераводных экзаменах ні адзін навучэнец не атрымаў за адказ адзнаку ніжэй за чатыры (нагадаем, што ў той час была пяцібальная сістэма ацэнкі ведаў).
Асаблівая ўвага ў гэтым аўтографе адведзена знаёмству з Міхаілам Рудовічам – адным з шаснаццаці дукорскіх партызанаў, якія загінулі ў барацьбе з польскімі акупантамі ў 1920 годзе. Васіль Савіч успамінаў пра яго вельмі добра: вясёлы, жыццярадасны, бясстрашны – Міхаіл Рудовіч захапляў кожнага сваёй харызмай. Подзвіг Міхаіла Рудовічпа і яго таварышаў Васіль Савіч Гарбацэвіч паклаў у аснову п’есы “Чырвоныя кветкі Беларусі”. Лёс п’есы незайздросны: на момант напісання пісьма нават аўтар не меў яе асобніка. Ён пісаў: “Свою пьесу “Чырвоныя кветкі Беларусі” ищу. Есть надежда на то, что найду. Тогда обязательно пришлю”. Надзея спраўдзілася – п’еса адшукалася і была выдадзена ў 1959 годзе. Гэтае выданне таксама захоўваецца ў народным музеі гісторыі каледжа. Не адно пакаленне навучэнцаў знаёмілася з біяграфіяй чалавека, чыім імем названа цэнтральная вуліца ў пасёлку Мар’іна, — Міхаіла Рудовіча менавіта праз яе змест. А ў канцы 1960-х гадоў яна была пастаўлена на сцэне клуба Мар’інагорскага сельскагаспадарчага тэхнікума па ініцыятыве выкладчыкаў. Цікава адзначыць, што галоўную ролю Андрэя Блажко выконваў студэнт аддзялення “Агранамія”, якія праз пятнаццаць галоў стаў дырэктарам тэхнікума, — Валянцін Свірыдаў. Калі ён успамінаў студэнцкія гады, то здавалася, што ўдзел у гэтай тэатральнай пастаноўцы быў адным з найбольш яскравых момантаў маладога жыцця. Васіль Савіч Гарбацэвіч прысутнічаў на прэм’еры і не толькі высока ацаніў мастацкія здольнасці навучэнцаў, а і выказаў шчырыя словы ўдзячнасці за папулярызацыю яго творчасці.
Наладжана святкаванне юбілея Васіля Савіча і ў каледжы. Выкладчыкі і навучэнцы склалі цікавую квэст-гульню “Тэатр аднаго настаўніка”, у якой удзельнічаюць навучэнцы, якія вывучаюць беларускую літаратуру. Аформлена тэматычная выстава, цэнтральнае месца ў якой адведзена аўтографу пісьменніка з успамінамі пра працу ў нашай установе адукацыі. Знойдзены сумесныя фотаздымкі Васіля Савіча Гарбацэвіча з Героем Савецкага Саюза Уладзімірам Елісеевічам Лабанком, чыё імя носіць каледж. Высветлена, што Васіль Савіч быў настаўнікам будучага героя – нашага знакамітага выпускніка. Яшчэ раз прачытана і прааналізавана п’еса “Чырвоныя кветкі Беларусі”.
Творчая і педагагічная дзейнасць Васіля Гарбацэвіча вартыя таго, каб імя таленавітага літаратара, педагога назаўсёды заставалася ў памяці не толькі землякоў, а ўсяго беларускага народа.