13 лістапада ў мастацкай галерэі ДУК “Пухавіцкі раённы краязнаўчы музей” адбылася прэзентацыя кнігі Юрыя Важніка “Юзаф Бака. Геній майго месца”. Кніга прысвечана каталіцкаму ксяндзу, паэту, місіянеру, доктару тэалогіі часоў позняга Барока беларускага паходжання Юзафу Баку (1707–1780 гг.), які стаў дзіўным геніем гістарычнай Пухавіччыны.
Багацце і разнастайнасць жыцця, яго невычэрпная сіла абумовілі незвычайны інавацыйны жанр «Юзафа Бакі». Гэта кніга – літаратурная мазаіка, якая складаецца з разважанняў, аналізу з’явы «геній месца», жывых вершаў даўняга часу, што ажываюць у сучасным перакладзе на беларускую мову, сэнсавага турызму – свайго рода інтэлектуальнага падарожжа па часах і сэнсах.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел навучэнцы каледжа – наведвальнікі аб’яднанняў па цікавасцях “Старонкі гісторыі” і “Мінуўшчына”. Трэба адзначыць, што гэта не першая сустрэча з аўтарам кнігі, і на гэтае мерапрыемства навучэнцы атрымалі персанальныя запрашэнні. Гэта невыпадкова: навучэнцы паглыблена вывучаюць гісторыю краю, дзе размешчана наша ўстанова адукацыі, а новая кніга змяшчае матэрыял, які непасрэдна звязаны з нашай гісторыяй. На старонцы 183 размешчана інфармацыя пра з’яўленне Храма на тэрыторыі пасёлка, дзейнасць святара Фамы Русецкага, які стаў ініцыятарам адкрыцця і Храма, і Мар’інагорскай сельскагаспадарчай школы.
Усе ўдзельнікі мерапрыемства, а сярод іх — навучэнцы каледжа, атрымалі вялікае задаваленне, далучыўшыся да гісторыі і адкрыўшы для сябе новыя цікавыя факты, спазнаныя і прэзентаваныя нашым земляком. Дзелячыся ўражаннямі, навучэнцы абазначылі, што ідэі, якія даносіў Юрый Важнік, вельмі істотныя ў фарміраванні светапогляду: важна стаць усім для ўсіх, каб набыць усё.