Памяці кампазітара Ігара Лучанка

 

15 лістапада ў народным музеі гісторыі ўстановы адукацыі адбылася сустрэча навучэнцаў з беларускімі паэтамі Эдуардам Акуліным і Леанідам Дранько-Майсюком. Мерапрыемства было прысвечана памяці Ігара Лучанка – народнага артыста СССР і Беларусі, прафесара, акадэміка, доктара навук, уладальніка многіх прэстыжных званняў, прэмій і ўзнагарод, кампазітара-легенды, якога па праве лічаць гонарам нацыі, а яго творчасць – нацыянальнай спадчынай. Ігара Міхайлавіча не стала 12 лістапада. Навучэнцы і працаўнікі каледжа смуткуюць з нагоды гэтай страты.

Імя кампазітара назаўсёды ўвайшло ў гісторыю ўстановы адукацыі, бо ён быў абраны Ганаровым членам педагагічнага калектыва нашага каледжа. Ігар Міхайлавіч часта наведваў каледж, але ён не быў госцем – ён быў адным з нас. З яго удзелам праходзілі самыя разнастайныя мерапрыемствы і для вучнёўскай аўдыторыі, і для дарослых.

Падчас сустрэчы Эдуард Акулін і Леанід Дранько-Майсюк падзяліліся ўспамінамі пра Ігара Міхайлавіча, расказалі пра сумесныя творчыя праекты: “Полька беларуская”, “Радзіма Беларусь”. Навучэнцы здзівілі гасцей нечаканымі фактамі: маці маэстра працавала выкладчыцай ў Мар’інагорскім сельскагаспадарчым тэхнікуме, а сам Ігар Міхайлавіч часта бываў у пасёлку ў маленстве, бо тут жыла яго няня (пра гэта даведаліся навучэнцы, рыхтуючы даследчую работу “Невядомыя старонкі біяграфіі Ігара Лучанка”). У музеі размешчана выстава памяці кампазітара Ігара Лучанка. Калі адыходзяць людзі такога таленту, кажуць, што адыходзіць Эпоха… Адзінае, што можа яе затрымаць – Памяць.  Яна засталася ў музыцы кампазітара. Песні “Спадчына”, “Мой родны кут”, “Алеся”, “Зачараваная”, “Я хаджу закаханы” і шмат якія іншыя яшчэ неаднойчы абудзяць у нашых душах лепшыя пачуцці. На захаванне добрай памяці пра добрага чалавека ў душах добрых людзей было накіравана добрае мерапрыемства.