Асноўныя вехі гісторыі Міншчыны

Спачатку з’явілася Мінская губерня, якая праіснавала з 1793 па 1921 год. У першыя паслярэвалюцыйныя гады яна ўваходзіла ў склад Заходняй вобласці Савецкай Расіі, затым Беларускай народнай рэспублікі,  пасля была часткай Літоўска-Беларускай Савецкай  Сацыялістычнай  Рэспублікі, і, нарэшце, увайшла ў склад БССР. Пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавора ў сакавіку 1921 года значная  частка тэрыторый Міншчыны  адышла ў склад Польшчы,  і губерня перастала існаваць.

У 1924 годзе была ўтворана Мінская акруга. Першапачаткова яна ўключала 11 раёнаў, у тым ліку Пухавіцкі і Шацкі. Акруга існавала да ліпеня 1930 года. Пасля  скасавання  гэтай адміністрацыйнай адзінкі раёны, якія ўваходзілі ў яе склад, былі перададзены ў прамое падпарадкаванне БССР.

У студзені 1938 года была ўтворана Мінская вобласць. Яе тэрыторыя і адміністрацыйны падзел некалькі разоў змяняліся. Свой сучасны выгляд вобласць набыла ў 1960 годзе.

За першую палову мінулага стагоддзя Мінская вобласць некалькі разоў страчвала свае тэрыторыі. Частка іх пераходзіла не толькі ў склад іншых адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, але нават і ў склад іншых дзяржаў. Але пухавіцкія землі заўсёды ўваходзілі ў склад Міншчыны. А  падчас пераменаў статус раённага цэнтра набывалі Пухавічы, Шацк, Рудзенск, Мар’іна Горка.

Сваю назву раён атрымаў ад мястэчка Пухавічы. Калі цэнтр перанеслі ў Мар’іну Горку, першапачатковы варыянт захаваўся. Таму мы і маем парадокс: Пухавіччына — адзіны  рэгіён у рэспубліцы, дзе назва райцэнтра не супадае з назвай раёна.

На тэрыторыі сталічнай вобласці  знаходзіцца шмат цікавых помнікаў гісторыі і культуры. Многія з іх захоўваюць памяць аб Вялікай Айчыннай вайне.

Хатынь. Назву гэтай вёскі ведае кожны жыхар Беларусі. Але нават сярод пухаўчан мала хто ведае, што калі з’явілася ідэя стварыць агульны помнік  загінуўшым вёскам, разглядаўся варыянт размясціць яго на тэрыторыі нашага раёна  на месцы Беразянкі. У жніўні 1943 года карнікі спалілі гэтую вёску і  яе жыхароў,    загінулі 43 чалавекі. Адмовіліся ад гэтай ідэі таму, што ў Мар’інай Горцы тады знаходзіўся вялікі ваенны гарнізон, і з’яўленне на тэрыторыі раёна вялікай колькасці турыстаў, у тым ліку і замежных, не было пажаданым. Рэжым сакрэтнасці ў савецкія часы дзейнічаў вельмі строга.

З Мар’інай Горкай звязаны лёс многіх выдатных  людзей, якімі ганарыцца не толькі наш раён, але і краіна. Сярод іх вядомы  скульптар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Фінскі.

Міншчына  – вядучы прамысловы рэгіён. Тут знаходзяцца такія буйнейшыя прадпрыемствы рэспублікі,  ААТ “БЕЛАЗ”, “Беларуськалій” і іншыя.  На Пухавіччыне няма прадпрыемстваў-гігантаў. Але ёсць такія, чыя характарыстыка можа пачынацца са слова “адзіны”. Напрыклад,  адзіны ў рэспубліцы вытворца святлотэхнічных вырабаў для аўтамабіляў – ААТ “Рудзенск”, адзінае прадпрыемства малатанажнай хіміі ў канцэрне “Белнафтахім” –  ААТ “Завод горнага воску”.

Ёсць на тэрыторыі раёна і ўстанова, якая мае статус абласной:  дзіцячы цэнтр медыцынскай рэабілітацыі «Пухавічы». Дарэчы, у адным з яго будынкаў у даваенныя часы знаходзіўся Дом творчасці пісьменнікаў Беларусі, дзе  адпачывалі Янка Купала, Якуб Колас, Змітрок Бядуля, Кузьма Чорны і іншыя вядомыя літаратары.

Матэрыял А.Прановіча,

дырэктара

ДУ “Пухавіцкі раённы

краязнаўчы музей”